МАНГО́ЛА-АХО́ЦКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

адна з сістэм Урала-Мангольскага геасінклінальнага пояса. Цягнецца больш за 2 тыс. км у выглядзе складкавых ланцугоў ад Манголіі да Ахоцкага м. На Пн абмежавана глыбіннымі Мангола-Ахоцкімі разломамі, на Пд — Бурэінскім масівам і сістэмай Паўд.-Габійскіх разломаў. У будове вылучаюцца рыфейская, ніжне- і сярэднепалеазойская стадыі геасінклінальнага развіцця. У верхнім палеазоі і ніжнім трыясе амаль уся тэрыторыя знаходзілася ў стадыі арагенезу, што суправаджалася пранікненнем гіганцкіх мас гранітоідаў. Мезазойскія структуры азначаны марскімі і кантынентальнымі маласоіднымі і вугляноснымі адкладамі, якія спалучаюцца з андэзітавай фармацыяй наземнага вулканізму і пранікненнем комамагматычных гранітоідаў. З мезазойскім магматызмам звязаны радовішчы свінцова-цынкавых руд, золата, волава, вальфраму і інш.

т. 10, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)